Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

9 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся тыя самыя прэзідэнцкія выбары, якія назаўжды змянілі жыццё многіх беларусаў і краіны ў цэлым. Тыя падзеі настолькі шматгранныя, што мы не ставілі сабе мэты расказаць пра ўсё. Гвалт сілавікоў пасля выбараў і масавыя мірныя пратэсты, якія рушылі за гэтым, — тэма асобная, раскрытая ў мностве тэкстаў. Мы ж раскажам пра самі выбары — успомнім пра ход той кампаніі, з’яўленне кандыдатаў не з «традыцыйнай» апазіцыі, правакацыі ўладаў і першы масавы альтэрнатыўны падлік галасоў, які паказаў паразу Аляксандра Лукашэнкі.

За доўгія гады свайго кіравання Лукашэнка і яго прыхільнікі ў парламенце выйгралі ўсе выбары — ва ўсякім выпадку, пра гэта кожны раз заяўляў цалкам падкантрольны палітыку Цэнтрвыбаркам. Насамрэч (калі выключыць першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года) вынікі заўсёды фальсіфікаваліся, прадзяржаўныя СМІ хлусілі, а на незалежных кандыдатаў ціснулі. Каб не даць пра гэта забыць, мы расказваем пра кожную выбарчую кампанію эпохі Лукашэнкі ў праекце «Без выбару».

Старт кампаніі і абуджэнне цікавасці да палітыкі

Яшчэ зімой 2020 года ў грамадстве не было асаблівых надзей на блізкія прэзідэнцкія выбары. Хутчэй, беларусы чакалі паўтарэння кампаніі 2015 года — з прадказальнымі кандыдатамі, звыклымі лічбамі і нязменным вынікам.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі традыцыйна прызначае Палата прадстаўнікоў. Паводле закона яны мусілі прайсці не пазней за канец жніўня. Так што сярод магчымых варыянтаў былі нядзелі 9, 16, 23 і 30 жніўня. Яшчэ ў 2019-м кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына казала, што менавіта апошняя дата, хутчэй за ўсё, стане днём выбараў. Аднак, выступаючы 8 траўня 2020 года на пазачарговым паседжанні парламента, яна ўнесла прапанову правесці галасаванне 9 жніўня, і дэпутаты яе падтрымалі.

Да 15 траўня дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп падалі 55 чалавек, што стала абсалютным рэкордам усіх прэзідэнцкіх гонак. Але галоўнай сенсацыяй стаў факт, што акрамя нязменнага Лукашэнкі за прэзідэнцкую пасаду вырашылі пазмагацца тры важкія фігуры, да гэтага ніяк не звязаныя са звыклай усім партыйнай апазіцыяй.

Сергей Тихановский. Фото: TUT.BY
Сяргей Ціханоўскі. Фота: TUT.BY

Першым з іх стаў прадпрымальнік і відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. Ён атрымаў вядомасць дзякуючы свайму YouTube-каналу «Краіна для жыцця» — у яго роліках жыхары рэгіёнаў у фармаце «адкрытага мікрафона» абмяркоўвалі розныя праблемы. Пра сваё вылучэнне ён заявіў у відэароліку 7 траўня. Запіс быў падрыхтаваны загадзя і апублікаваны пасля таго, як 6 траўня Сяргея раптоўна затрымалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, якая праходзіла яшчэ ў снежні 2019 года.

Другім быў Валерый Цапкала. Ён у 1994-м працаваў у перадвыбарным штабе Лукашэнкі і пасля яго перамогі стаў першым намеснікам міністра замежных справаў, пазней — амбасадарам у ЗША, памочнікам прэзідэнта ў сферы навукі і тэхналогій. А потым — адным з заснавальнікаў і першым кіраўніком Парку высокіх тэхналогій.

Але трэцім і галоўным прэтэндэнтам на перамогу быў Віктар Бабарыка, які амаль 20 гадоў займаў пасаду старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» (пасля вылучэння яе пакінуў). Акрамя поспехаў у бізнесе ён стаў вядомы як дабрачынец і мецэнат, дзякуючы якому, у прыватнасці, у краіну трапілі многія палотны беларускіх мастакоў «Парыжскай школы», у тым ліку знакамітая «Ева» Хаіма Суціна.

20 траўня ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў. Бабарыка і Цапкала (як, зразумела, і Лукашэнка) гэты этап прайшлі паспяхова. А вось Ціханоўскі, знаходзячыся пад арыштам на «сутках», зрабіць гэтага не мог. Дакументы на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы падала па даверанасці яго жонка, тады нікому не вядомая Святлана Ціханоўская. Ёй адмовілі: фармальнай нагодай стала адсутнасць подпісу Сяргея на заяве. Тады Святлана сышла і вярнулася ў ЦВК пад канец працоўнага дня — з дакументамі на рэгістрацыю ўжо сваёй уласнай ініцыятыўнай групы.

Валерий Цепкало. Фото: TUT.BY
Валерый Цапкала. Фота: TUT.BY

Акрамя гэтай чацвёркі ЦВК зарэгістраваў групы кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня, сустаршыні «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, былой дэпутаткі Ганны Канапацкай, а таксама парламентарыя Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча, пенсіянера Уладзіміра Няпомняшчых, прадпрымальніцы Наталлі Кісель, сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольгі Кавальковай, кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, выканаўцы абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова і музыкі Алеся Таболіча.

21 траўня пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў. Тады стала канчаткова зразумела, што класічнай кампаніі не будзе. Напрыклад, 24 траўня ў Мінску ў чарзе, якая расцягнулася на паўкіламетра, стаяла некалькі сотняў ахвотных падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Тады была ў разгары пандэмія каранавіруса — і людзі (многія з якіх былі ў масках) стаялі не ўшчыльную, а крыху наводдаль адно ад аднаго, у ланцужках, якія зрабіліся адным з сімвалаў кампаніі.

Цікавасць да выбараў і ўзрушанасць грамадства былі такімі, што стала ясна: беларусы прачнуліся пасля доўгай палітычнай апатыі. Чаму гэта адбылося? Ужо постфактум сацыёлаг Генадзь Коршунаў пісаў, што 2020-ы «стаў для Беларусі годам „ідэальнага шторму“. Тады адзін на адзін наклаліся эфекты эканамічнай рэцэсіі, актуалізацыя пытання незалежнасці, што не знікала з парадку ўвесь 2019-ы (Лукашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін вялі за зачыненымі дзвярыма перамовы пра больш шчыльную інтэграцыю. — Заўв. рэд.), пандэмічны выклік, з якім улады фактычна не справіліся. Электаральная кампанія, якая абвастрыла ўсе гэтыя працэсы, іх жа і маштабавала».

Фото: TUT.BY
Віктар Бабарыка. Фота: TUT.BY

Як адзначаў Коршунаў, «ідэальны шторм» вывеў на паверхню тое, што збіралася ў грамадстве дзесяцігоддзямі. Гэта комплексныя эфекты ад шэрагу працэсаў, пачынаючы з урбанізацыі, росту ўзроўню адукацыі насельніцтва, росту чалавечага капіталу і заканчваючы змяненнем сацыяльных стандартаў і трансфармацыі сістэмы каштоўнасцяў. Яшчэ адзін прынцыповы фактар — адрыў ад грамадства сістэмы дзяржкіравання, якая замкнулася сама на сабе, абрэзаўшы каналы зваротнай сувязі. <…> У досыць спрошчанай карціне гэта прывяло да выбуху самасвядомасці — і індывідуальнай, і калектыўнай, — то-бок да ўсведамлення сябе не проста грамадствам, але суб’ектам. <…>. Беларускае грамадства ў 2020 годзе ўсвядоміла сябе суб’ектам і захацела быць ім не толькі на ўзроўні штодзённасці, але і на ўзроўні палітыкі".

Гэтыя настроі адбіліся і на сімпатыях выбаршчыкаў. Красавіцкае даследаванне Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук паказала, што ў сакавіку 2020 года ўзровень даверу да Лукашэнкі ў мінчукоў склаў усяго 24%, а да ЦВК — 11%. Гэтыя шакавальныя для ўладаў звесткі не былі апублікаваныя афіцыйна, але ў чэрвені Генадзь Коршунаў, тады яшчэ дырэктар гэтага інстытута, расказаў пра іх незалежным СМІ (яшчэ адна сітуацыя, якая наўрад ці магла здарыцца ў ранейшыя гады і ў ранейшай абстаноўцы).

Рэакцыя ўладаў і пачатак рэпрэсій

Улады мірыліся з актыўнасцю грамадства нядоўга. Ужо 29 траўня Сяргея Ціханоўскага, які і двух тыдняў не прабыў на волі пасля арышту, затрымалі ў Гродне падчас чарговага пікету па зборы подпісаў. На пікеце з’явіліся жанчыны, якія задавалі яму правакацыйныя пытанні і хапалі за вопратку. Потым падышлі міліцыянты, але прысутныя не падпускалі іх да Ціханоўскага. У нейкі момант адзін з міліцыянтаў зваліўся на зямлю, пасля чаго супрацоўнікі АМАП брутальна затрымалі Сяргея і некаторых ягоных паплечнікаў. Ужо 31 траўня блогер атрымаў статус палітвязня — першым у 2020 годзе.

Праз некалькі дзён у Ціханоўскага падчас ператрусу на лецішчы знайшлі 900 тысяч даляраў. Яны ляжалі «за канапай і на адкрытых месцах», але для іх выяўлення спатрэбілася паўдня пошукаў, а ператрус у доме быў ужо трэцім — падчас першых двух нічога не знайшлі. Ні паплечнікі Сяргея, ні яго жонка не ведалі пра існаванне гэтых грошай. Усё гэта прымусіла многіх думаць, што буйную суму Ціханоўскаму падкінулі на ўказанне ўладаў з мэтай дыскрэдытацыі.

Фото: flickr.com
Святлана Ціханоўская з партрэтам Сяргея Ціханоўскага. Фота: flickr.com

Забягаючы наперад, нагадаем, што ў снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 191 (Перашкаджанне працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму прызначылі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней палітвязню яшчэ і дадалі тэрмін за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Калі ўлады разлічвалі арыштам Ціханоўскага напалохаць людзей ці спыніць яго паплечнікаў, у іх не атрымалася. Яго жонка неўзабаве ледзь не знялася з выбараў — са слязамі на вачах яна расказала, як ёй пагражалі дзецьмі — але ўсё ж вырашыла працягваць удзел.

А беларусы сталі толькі актыўнейшымі. Подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў збіраліся вельмі хутка. 7 чэрвеня каманда Віктара Бабарыкі заявіла, што за яго вылучэнне падпісалася ўжо 167 тысяч чалавек — пры неабходных 100 тысячах. Ніводзін апазіцыйны кандыдат у Беларусі ні на адных выбарах не меў такіх паказчыкаў, ды яшчэ так хутка. Было відавочна, што менавіта Бабарыка становіцца лідарам гонкі і можа скласці рэальную канкурэнцыю Лукашэнку. І той гэта адчуў.

«Вы ў яго спытайце, што такое кампанія „Прыватлізінг“. Ці — дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі», — заявіў Лукашэнка 4 чэрвеня, намякаючы на нібыта несумленныя бізнес-схемы Бабарыкі. Неўзабаве стала ясна, што ўжо тады было прынятае рашэнне пазбавіцца ад небяспечнага канкурэнта.

11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» і некаторых іншых кампаніях прайшлі раптоўныя ператрусы. На наступны дзень былі распачатыя дзве крымінальныя справы па арт. 235 КК (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Неўзабаве Нацбанк Беларусі ўвёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю, новай кіраўніцай прызначыўшы сваю ж былую начальніцу Надзею Ермакову. З улікам таго, што банк амаль на 100% належаў акцыянерам — расійскім «Газпрамбанку» і «Газпраму», — гэта быў фактычна рэйдарскі захоп з боку дзяржавы. Бо ўсе папярэднія 30 гадоў працы банка яна не мела да яго прэтэнзій.

Праз тыдзень, 18 чэрвеня, у рамках гэтых крымінальных справаў Віктар Бабарыка, нядаўні кіраўнік «Белгазпрамбанка», быў затрыманы разам са сваім сынам Эдуардам, сузаснавальнікам звязаных з банкам краўдфандынгавых платформаў «Вулей» і «Моламола». Ён быў кіраўніком перадвыбарчага штаба бацькі.

Фото: штаб Виктора Бабарико
Эдуард і Віктар Бабарыкі ля ўваходу ў штаб, чэрвень 2020 года. Фота: штаб Віктара Бабарыкі

У той жа дзень у Мінску ўтварыўся ланцуг салідарнасці ў падтрымку Бабарыкі. Акцыя пачалася ў 18.00 на пляцоўцы ля Белдзяржфілармоніі, да 22.00 ланцуг дабраўся да плошчы Незалежнасці. Людзі засталіся стаяць у ланцугу і пасля паўночы — перашкодай не стала нават моцная залева. Толькі бліжэй да гадзіны ночы яны пачалі разыходзіцца.

У ліпені 2021-га Вярхоўны суд вынес прысуд фігурантам «справы Белгазпрамбанка». Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, астатнія абвінавачаныя — ад 5 гадоў «хіміі» да 6,5 гадоў калоніі. Эдуарда судзілі асобна і прызначылі 8 гадоў зняволення, дадаўшы пазней яшчэ 2 за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Да таго ж, насуперак закону, яму не залічылі ў тэрмін адбыцця пакарання паўтара года з трох, праведзеных за кратамі да суда.

Тым часам і іншыя ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі паступова выходзілі з гульні. Напрыклад, раней за ўсіх, 26 траўня, гэта зрабіў лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі і дэпутат парламента Алег Гайдукевіч — ён заявіў, што перадасць сабраныя за яго 30 тысяч подпісаў і сваю праграму ў штаб Лукашэнкі, а пазней стаў адной з давераных асобаў гэтага палітыка. З гонкі таксама выйшлі Наталля Кісель, Алесь Таболіч і Юрась Губарэвіч. Некаторыя прэтэндэнты ціха сышлі з дыстанцыі без якіх-кольвек заяваў.

У выніку патрабаваную колькасць подпісаў здалі сямёра палітыкаў. 30 чэрвеня ЦВК скончыў праверку. Больш за ўсё подпісаў чакана аказалася ў Лукашэнкі — амаль два мільёны. На другім месцы быў Віктар Бабарыка, якому залічылі крыху больш за 165 тысяч (прычым яго штаб даў справаздачу пра тое, што сабраныя былі рэкордныя 435 тысяч, а здадзеныя каля 365 тысяч подпісаў — то-бок прыкладна 200 тысяч не прызналі). Ціханоўская перавысіла 100-тысячную мяжу амаль на пяць тысяч. А вось Цапкалу выбілі з гульні: ён падаў 160 тысяч подпісаў, але ЦВК прызнаў сапраўднымі толькі крыху больш за 75 тысяч.

Пасля гэтага здарыліся цуды арыфметыкі. Ганна Канапацкая паведамляла, што здала 110 тысяч подпісаў. Але ў звестках ЦВК пазначылі, што пасля ўсіх праверак у яе засталося… 146 588 сапраўдных подпісаў. Сяргей Чэрачань здаў у камісіі 106 тысяч подпісаў, але ЦВК залічыў яму 143 109. Дзмітрыеў здаў 107 тысяч, пасля праверак у яго застаўся 106 841 подпіс — нерэалістычна малая розніца, у той час як толькі ў адным Ленінскім раёне Гродна камісія забракавала 208 подпісаў за Дзмітрыева. Як мінімум у першых двух выпадках ашаламляльная неадпаведнасць лічбаў была пацверджаннем чутак пра тое, што Канапацкая і Чэрачань былі кандыдатамі-спойлерами.

Пасля яны ўнікнуць турмы (Канапацкая нават паўдзельнічае ў выбарах-2025), а вось Дзмітрыеў у 2023-м трапіць за краты на 1,5 года паводле прысуду за ўдзел у пратэстах. Цапкала ж яшчэ да выбараў пакіне Беларусь.

Сяргей Чэрачань. Фота: TUT.BY

ЦВК абвясціў, што барацьбу за прэзідэнцкае крэсла працягнуць шэсць чалавек. Аднак прыхільнікі Бабарыкі радаваліся рана. 14 ліпеня банкіру, які ўжо знаходзіўся за кратамі, адмовілі ў рэгістрацыі. Спачатку Лідзія Ярмошына згадала дробныя недакладнасці ў дэкларацыі пра даходы і маёмасць і «ўдзел у выбарчай кампаніі» Бабарыкі. Нібыта многія сябры ягонай ініцыятыўнай групы працавалі ў «Белгазпрамбанку» і выкарыстоўвалі падчас кампаніі ягоныя рэсурсы — карпаратыўную сувязь, аўтамабілі і гэтак далей, а банк належыць расійскім структурам.

Але далей адбыўся абсалютна беспрэцэдэнтны крок. Ярмошына заявіла, што «разам з тым» у ЦВК паступіў ліст з Камітэта дзяржкантролю, дзе гаварылася, што Бабарыка кіраваў злачыннай групай, «адмываў грошы», нібыта выводзіў даходы ў Латвію, Вялікабрытанію і іншыя краіны. У лісце згадваліся «парадку дзевяці мільёнаў даляраў дывідэндаў», карціны, апартаменты. Між тым следства працягвалася, ні адзін з фактаў не быў даказаны ў судзе, не прадэманстравалі нават ніякіх дакументаў, каб пацвердзіць абвінавачанні, — толькі словы. Але сябры ЦВК, заслухаўшы ліст, аднагалосна прагаласавалі «за». Так улады выбілі з гульні амаль усіх рэальных прэтэндэнтаў на перамогу.

Аб’яднанне трох апазіцыйных штабоў

Адзіным плюсам таго паседжання была рэгістрацыя Святланы Ціханоўскай — разам з Лукашэнкам, Чэрачнем, Дзмітрыевым і Канапацкай. Тады ўладам здавалася, што яна не ўяўляе ніякай небяспекі. Але ў далейшым менавіта з ёю ў Лукашэнкі разгарнулася рэальная барацьба.

16 ліпеня адбылася лёсавызначальная сустрэча прадстаўнікоў штабоў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай, на якой яны вырашылі аб’яднаць сілы. «Памятаю, у дзень аб’яднання мы прыйшлі з людзьмі са сваіх штабоў, пачалася гарачая дыскусія. А потым Маша (Марыя Калеснікава, лідарка штаба Бабарыкі. — Заўв. рэд.) прапанавала: „Давайце мы ўтрох застанемся“. Так ўтрох мы і пайшлі па дыстанцыі», — успамінала Вераніка Цапкала, якая прадстаўляла каманду свайго мужа. На той сустрэчы былі сфармуляваныя пяць галоўных прынцыпаў, якія не выклікалі ні ў кога дыскусій: заклікаць галасаваць толькі 9 жніўня, вызваліць палітычных і эканамічных зняволеных, правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары, расказваць выбаршчыкам пра спосабы абароны іх галасоў, удзельнічаць у ініцыятывах за сумленныя выбары.

Ціханоўскую, Цапкала і Калеснікаву пачалі называць «тры грацыі». Яны сталі сімвалам мірнага руху да пераменаў, а таксама таго, што беларуская апазіцыя можа быць адзінай.

Часу на раскачванне не было. Ужо 19 ліпеня прайшоў першы мітынг Святланы Ціханоўскай у Дзяржынску. Не звыклую да публічнасці кандыдатку на сцэне падтрымлівалі Калеснікава і Цапкала, а сцэнар мерапрыемства, пасля пашыраны і дапрацаваны, выкарыстоўваўся і на далейшых мітынгах. Ціханоўская гаварыла пра мужа, яго барацьбу і пра тое, што яе вылучэнне стала толькі адказам на яго затрыманне на перадвыбарчым пікеце. Марыя і Вераніка, выступаючы са сцэны, гаварылі пра праблемы краіны, а таксама пра пяць прынцыпаў, на якіх аб’ядналіся тры штабы.

Аб’яднанае трыа Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Фота: TUT.BY

На сцэну Святлана выходзіла пад песню «Стены рухнут» якая стала галоўнай мелодыяй пратэсту ў 2020 годзе. Яшчэ да арышту Сяргей Ціханоўскі і музыка Сяргей Kosmas паспелі яе запісаць: «Давай разрушим эту тюрьму, здесь этих стен стоять не должно! Так пусть они рухнут, рухнут, рухнут, обветшавшие давно». Вялікую папулярнасць атрымаў і беларускамоўны пераклад Андрэя Хадановіча пад назвай «Муры». Да гэтай версіі Сяргей Kosmas дадаў у канцы два куплеты пра імкненне беларусаў да пераменаў.

Ён быў натхнёны і малады,

Іх незлічона было.

Ён на плошчы вёў гарады

З песняй, што блізка святло.

І запальвалі свечкі яму,

Плыў па-над плошчаю дым.

Ён спяваў: зруйнуем турму!

Яны спявалі за ім:

Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды — то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне —

І пахавае свет стары!

Эфектным фінішам яркай кампаніі стаў мітынг, які прайшоў 30 ліпеня ў Мінску ў парку Дружбы народаў. На той момант ён стаў самым масавым у гісторыі незалежнай Беларусі. Паводле ацэнак праваабаронцаў, на яго прыйшлі 63 тысячы чалавек.

Светлана Тихановская и Мария Колесникова на предвыборном митинге, 2020 год. Фото: TUT.BY
Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на перадвыбарным мітынгу, 2020 год. Фота: TUT.BY

Ажыятаж у дзень выбараў і лічбы ад ЦВК

4−8 жніўня праходзіла датэрміновае галасаванне, 9 жніўня — асноўнае. Цягам гэтага дня ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў агучваліся папярэднія вынікі экзітполаў — апытання выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў. Яны гаварылі пра нібыта перамогу Лукашэнкі — 79,7%.

Аднак рэальнасць была зусім іншай. На некаторых участках, там, дзе сябры камісіі не пайшлі на ўгоду з сумленнем, фіксавалася перамога Ціханоўскай, часта з вялікім адрывам. Напрыклад, на ўчастку для галасавання № 21 Маскоўскага раёна Мінска ў выбарах узяло ўдзел 2396 выбаршчыкаў. Паводле пратакола, за Лукашэнку свае галасы аддалі 438 чалавек, за Ціханоўскую — 1725.

Протокол голосования на участке № 21 Московского района Минска. Фото: читатели TUT.BY
Пратакол галасавання на ўчастку № 21 Маскоўскага раёна Мінска. Фота: чытачы TUT.BY

На ўчастку для галасавання № 85 у Гродне за Ціханоўскую прагаласавалі 449 выбаршчыкаў, за Лукашэнку — 262.

Протокол голосования на участке для голосования № 85 в Гродно на президентских выборах 2020 года. Фото: читатели TUT.BY
Пратакол галасавання на ўчастку для галасавання № 85 у Гродне на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Фота: чытачы TUT.BY

На 25-м участку для галасавання ў вёсцы Копішча Мінскага раёна Ціханоўская набрала 1274 галасы, Лукашэнка — 279. Усяго на ўчастку галасавала 1734 чалавекі.

Протокол голосования на 25-м участке для голосования в деревне Копище Минского района на президентских выборах 2020 года. Фото: читатели TUT.BY
Пратакол галасавання на 25-м участку для галасавання ў вёсцы Копішча Мінскага раёна на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Фота: чытачы TUT.BY

Было і мноства іншых, аналагічных, прыкладаў. Было зразумела, што ўлады зноў сфальсіфікавалі выбары. А гэтым разам яшчэ і вырашылі схаваць паразу Лукашэнкі. Таму ўвечары нядзелі пачаліся першыя пратэсты.

Раніцай 10 жніўня Лідзія Ярмошына абвясціла папярэднія вынікі выбараў: Лукашэнка нібыта набраў 80,23%, Ціханоўская — 9,9%, Дзмітрыеў — 1,04%, Канапацкая — 1,68%, Чэрачань — 1,1%. Супраць усіх прагаласавалі 6,02%. Праз некалькі дзён ЦВК апублікаваў выніковыя звесткі, аднак яны змяніліся нязначна: Лукашэнку было налічана 80,1% (або 4,661 млн выбаршчыкаў), Ціханоўскай — 10,1% галасоў (588 тысяч), супраць усіх — 4,6%, або 267 тысяч, за кожнага з астатніх кандыдатаў — менш за 100 тысяч. Усяго на выбарах, паводле афіцыйных звестак, галасавала 5,819 млн чалавек.

З вынікамі выбараў не згадзіўся ні адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, акрамя Лукашэнкі. Усе яны падалі скаргі ў ЦВК з патрабаваннем прызнаць вынікі галасавання несапраўднымі.

І для гэтага былі ўсе падставы. Як канстатавалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэта, выбары «праходзілі ў беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняліся на ўсіх яе этапах». Яшчэ да выбараў больш чым тысяча грамадзян падверглася адміністрацыйным затрыманням, сотні былі арыштаваныя ці аштрафаваныя, на 23 чалавек заведзеныя крымінальныя справы.

Силовик на протестах в Могилеве вечером 9 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Сілавік на пратэстах у Магілёве ўвечары 9 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

Таксама праваабаронцы зафіксавалі, што падчас фармавання выбарчых камісій адбывалася дыскрымінацыя: з 25 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) увайшлі толькі два, а з 545 вылучаных апазіцыйнымі партыямі ў склад участковых выбарчых камісій (УВК) — толькі 6 чалавек (1,1% ад вылучаных), агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ТВК склала 0,1% ад агульнага складу, а ва УВК — 0,009%, што ў пяць разоў менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах — 2015. Большасць сябраў выбарчых камісій традыцыйна прадстаўлялі чальцы БРСМ, «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын, Саюза ветэранаў, дзяржаўных прафсаюзаў.

У датэрміновым галасаванні, паводле сцверджання ЦВК, узялі ўдзел 41,7% выбаршчыкаў — найбольшая колькасць за ўсе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Назіральнікі зафіксавалі шматлікія факты прымусовага галасавання, завышэння яўкі. З 798 назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», акрэдытаваных на выбарчых участках у перыяд датэрміновага галасавання, толькі адзін меў магчымасць сачыць за галасаваннем унутры ўчастка ўсе пяць дзён, яшчэ 93 чалавекі (11,6%) маглі назіраць «датэрміноўку» нейкі час, але не цалкам. Астатніх не дапусцілі.

Очередь к участку для голосования 9 августа 2020 года, Беларусь. Фото: TUT.BY
Чарга да ўчастка для галасавання 9 жніўня 2020 года, Беларусь. Фота: TUT.BY
Очередь к участку для голосования 9 августа 2020 года, Беларусь. Фото: TUT.BY
Чарга да ўчастка для галасавання 9 жніўня 2020 года, Беларусь. Фота: TUT.BY

У асноўны дзень незалежныя назіральнікі наогул не маглі непасрэдна назіраць за галасаваннем — іх зноў не пусцілі ўсярэдзіну, яны маглі толькі заставацца ля ўваходу ў пастарунак ці будынак і лічыць тых, хто прыйшоў. Да многіх участкаў выстройваліся доўгія чэргі, у шэрагу выпадкаў агульная яўка аказалася прыкметна большай за колькасць выбаршчыкаў, прыпісаных да ўчасткаў, і многія прагаласаваць да іх закрыцця не паспелі. Месцамі не ўсім хапіла бюлетэняў. Як адзначалі праваабаронцы, усё гэта пацвярджае перавышэнне яўкі датэрміновага галасавання. То-бок «высокая» абвешчаная яўка «датэрміноўкі» была вынікам прыпісак і ўкідаў — што і прывяло да праблем, калі сапраўды шмат людзей прыйшло галасаваць у асноўны дзень. Акрамя таго, на многіх участках, насуперак закону, не вывешваліся на ўсеагульны агляд пратаколы з вынікамі галасавання.

Беларускія праваабаронцы зрабілі выснову, што «выбарчы працэс на ўсіх яго этапах не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў і суправаджаўся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства». З гэтымі высновамі салідарызавалася і місія АБСЕ.

Усяго назіральнікі падалі каля 3 тысяч скаргаў. Аднак ніводная з іх не была задаволеная. А Вярхоўны суд, куды потым звярталася Ціханоўская, адмовіў у завядзенні справы пра неабгрунтаванае адхіленне скаргі кіраўніцтвам ЦВК, адзначыўшы, што «такія патрабаванні не адносяцца да кампетэнцыі суда».

Голосование на избирательном участке 9 августа 2020 года, Беларусь. Урны для бюллетеней непрозрачные - такие были на большинстве участков. Это не позволяет наблюдателям контролировать объем бюллетеней внутри и отслеживать вбросы. Фото: TUT.BY
Галасаванне на выбарчым участку 9 жніўня 2020 года, Беларусь. Скрыні для бюлетэняў непразрыстыя — такія былі на большасці ўчасткаў. Гэта не дазваляе назіральнікам кантраляваць аб’ём бюлетэняў унутры і адсочваць укіды. Фота: TUT.BY

Скрадзеная перамога

Між тым незалежная платформа «Голас» у супрацоўніцтве з ініцыятывамі па назіранні змагла не толькі даказаць факт фальсіфікацыі выбараў, але і ўзнавіць іх рэальныя вынікі.

У дзень выбараў беларусы маглі зарэгістравацца на платформе па нумары тэлефона, пазначыць свой участак і адправіць праз чат-бот інфармацыю, за каго прагаласавалі (з аднаго нумара прымаўся толькі адзін голас). Як пацверджанне можна было даслаць фота бюлетэня. Так «Голас» сабраў звесткі ад больш чым мільёна выбаршчыкаў, у тым ліку 900 тысяч адзначылі свой участак, а 530 тысяч даслалі фота. Платформай карысталіся па ўсёй краіне — на 5696 участках з 5767. 96% з тых, хто перадаў звесткі, галасавалі за Святлану Ціханоўскую.

Паралельна іншыя ініцыятывы — «Сумленныя людзі» і zubr.in — сабралі 1517 афіцыйных пратаколаў з участкаў у Беларусі (іх дасылалі назіральнікі і звычайныя грамадзяне). Супаставіўшы звесткі, аналітыкі знайшлі 322 участкі з «сумленнымі» пратаколамі — дзе колькасць галасоў за Ціханоўскую ў пратаколе была вышэйшай, чым паведамілі платформе (бо не ўсе выбаршчыкі ёю карысталіся).

Подсчитанные бюллетени на "честном" участке. Фото: читатель "Зеркала"
Падлічаныя бюлетэні на «сумленным» участку. Фота: чытач «Люстэрка»

На гэтых сумленных участках за Ціханоўскую афіцыйна прагаласавалі 183 тысячы чалавек. Пры гэтым толькі 69 тысяч выбаршчыкаў адтуль адзначыліся на платформе, а 43 тысячы даслалі фота. Так вылічылі прапорцыю сярэдняй актыўнасці: платформай скарысталася толькі 30% ад рэальных выбаршчыкаў Ціханоўскай, а фота даслалі 18%.

Ведаючы гэтую прапорцыю, даследчыкі пералічылі вынікі па ўсёй краіне. На астатніх участках (акрамя сумленных) платформа атрымала 816 тысяч галасоў за Ціханоўскую і 486 тысяч фатаграфій. Калі гэта складае тыя ж 30% і 18% ад агульнай колькасці і калі дадаць яшчэ выбаршчыкаў за мяжой, атрымалася, што за лідарку аб’яднанай апазіцыі прагаласавалі мінімум 3 мільёны чалавек — такую выснову зрабілі аналітыкі «Голасу».

«[За Ціханоўскую прагаласавалі] 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі. Лукашэнка набраў 34%, яшчэ 10% атрымалі іншыя кандыдаты», — гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым рэальная яўка, якую аналітыкі вылічылі зноў жа з супастаўлення звестак «Голасу» з пратаколамі, склала 78% — 5,4 млн чалавек. Нават калі браць афіцыйную яўку — 84%, то выходзіла, што за Ціханоўскую прагаласавалі 52% выбаршчыкаў.

Як падкрэслілі аналітыкі, яны выкарыстоўвалі розныя сцэнары, але гэты вынік устойлівы. Нават са стражэйшымі крытэрамі адбору «сумленных» пратаколаў Ціханоўская набірала больш галасоў, чым Лукашэнка. А значыць, пры любым падыходзе да падліку ён прайграў выбары.

Святлана Ціханоўская галасуе на прэзідэнцкіх выбарах. 9 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

Пры гэтым вынікі, абвешчаныя ЦВК, змяшчалі відавочныя супярэчнасці. Напрыклад, паводле версіі ЦВК, ва ўсім Мінску Ціханоўская атрымала 126,9 тысяч галасоў, а ў Мінскай вобласці — 115,3 тысячы. Але калі актывісты сабралі афіцыйныя пратаколы толькі з паловы ўчасткаў гэтых рэгіёнаў, сума галасоў за Ціханоўскую ўжо перавысіла гэтыя лічбы — 127,1 і 125,3 тысячы адпаведна. «Мяркуючы з апублікаваных пратаколаў, вынікі ў астатніх пратаколах для атрымання ў суме афіцыйных вынікаў, якія агучыў ЦВК, немагчымыя статыстычна», — гаворыцца ў даследаванні.

Пра фальсіфікацыі сведчылі і іншыя факты. Таксама, як адзначаў «Голас», сустракаліся выпадкі, калі на суседніх участках у адным будынку вынікі аказваліся супрацьлеглымі: на адным перамагала Ціханоўская, на іншым — Лукашэнка з вялікім адрывам. А галасавалі жыхары аднаго раёна, чые пазіцыі ў масе мусілі быць падобнымі — розніца была толькі ў складзе і падыходзе камісій.

Асабліва паказальная была розніца паміж участкамі, дзе пратаколы былі даступныя, і тымі, дзе іх схавалі. Паводле папярэдніх падлікаў аналітыкаў «Голасу» ў першыя тыдні пасля выбараў, Ціханоўская, згодна з атрыманымі пратаколамі з 1,3 тыс. участкаў (і «сумленных», і іншых), набірала ў сярэднім 57% там, дзе перамагала, і 20% там, дзе прайгравала. А калі верыць агульным лічбам ЦВК, на астатніх некалькіх тысячах участкаў яна мусіла атрымаць усяго 3% галасоў, а Лукашэнка — амаль 89%. Такі разрыў у выніках паміж адкрытымі і закрытымі ўчасткамі зноў жа статыстычна немагчымы.

Усё гэта сведчыла пра тое, што выбары былі груба сфальсіфікаваныя, а Святлана Ціханоўская, хутчэй за ўсё, атрымала больш за 50% галасоў беларусаў і магла перамагчы ўжо ў першым туры.

Лукашэнка ж адназначна прайграў, але так і не змог гэта прызнаць. Менавіта таму ён падвергнуў грамадства Беларусі жорсткім рэпрэсіям, якія цягнуцца ўжо пяты год.

Чытайце таксама