Паўмільёна праглядаў набралі за суткі дзве новыя антываенныя песні Алы Пугачовай. Расійскія прапагандысты назвалі іх «здзекам»
2 красавiка 2025 у 1743600600
Максім Іскрын / «Зеркало»
Упершыню за год - 1 красавіка - савецкая і расійская спявачка Ала Пугачова выпусціла на сваім афіцыйным канале дзве песні, і абедзве пра вайну - «Мама» і «Поцелуи войны». Ролікі набралі ўжо агулам каля 500 тысяч праглядаў. Слухачы ацанілі іх высока - на YouTube спявачкі, дзе традыцыйна шмат хейтараў і ботаў, аказаліся выключна захопленыя водгукі. Многія нават палічылі запісы аднымі з найлепшых ва ўсёй яе дыскаграфіі, піша «Можем объяснить».
«Я даслала сваім знаёмым гэтую песню сёння. 5 чалавек. Усе яны за вайну. Ніхто з іх нічога мне не адказаў, Нічога… маўчанне…» - піша адна з прыхільніц творчасці Пугачовай.
У лагеры расійскіх «патрыётаў» - разгубленасць. Большая частка z-блогераў, якія звычайна ўмомант падключаюцца да цкавання Пугачовай, захоўваюць маўчанне.
Найгрубей паспела выказацца член Савета па правах чалавека, галоўная рэдактарка ІА «Рэгнум» Марына Ахмедава: «Песня Пугачевой о матери и сыне воспринимается как надругательство. Надо жизнь прожить так, чтобы иметь право петь песни о войне и о солдатской матери. А когда на эту тему рот открывает Пугачева, ты спрашиваешь себя - "Сын? Какой сын?" И на ум сразу является Галкин». Ахмедава, як і некаторыя праўладныя СМІ, прасоўваюць версію, што Пугачова намякае на жаданне вярнуцца.
Падключыўся і дэпутат Дзярждумы РФ Аляксей Жураўлёў. Ён заявіў, што спявачка імкнецца вярнуць публіку і «российские заработки, которых звезда, опрометчиво болтавшая направо и налево, как отвратительна Русь, в последнее время лишена».
Ала Пугачова і яе муж Максім Галкін пакінулі Расію пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Галкін публічна выступае супраць дзеянняў расійскіх уладаў і быў прызнаны «замежным агентам», спявачка выказвалася ў ягоную падтрымку.
Пасля ад'езду пары расійскія прапагандысты неаднаразова спрабавалі стварыць вобраз «кінутай і забытай усімі» спявачкі, заяўляючы, што на яе юбілей не прыехалі ні муж, ні сябры, а ёй самой зычылі «быць бліжэйшай да Радзімы - і фізічна, і маральна». Расійскія дэпутаты прапаноўвалі забраць у яе маёмасць у Расіі і абвясціць «замежным агентам», аднак Мінюст паведамляў пра адсутнасць падставаў для прыняцця такога рашэння.
Таксама праўладны тэлеканал НТВ выпусціў серыю фільмаў, у якіх абвінаваціў Пугачову ў арганізацыі заказнога забойства серыйнага даносчыка Віталя Барадзіна, а таксама ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Барадзін сцвярджае, што напісаў на спявачку заяву ў ФСБ і Следчы камітэт, а таксама папрасіў пазбавіць яе дзяржаўных узнагарод. На гэты момант улады ніяк не адрэагавалі на сцверджанні даносчыка.